
Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца твор на музыку Нестара Сакалоўскага і словы Міхаіла Клімковіча і Уладзіміра Карызны.
Дзяржаўны гімн сучаснай Беларусі захаваў музычную аснову гімна Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Музыка Нестара Сакалоўскага карысталася папулярнасцю і павагай людзей розных пакаленняў, таму і пры стварэнні гімна незалежнай Беларусі было прынята рашэнне яе захаваць. Потым быў аб’яўлены конкурс на стварэнне тэксту гімна.
Словы Дзяржаўнага гімна адлюстроўваюць умовы развіцця Рэспублікі Беларусь як суверэннай, міралюбівай дзяржавы, падкрэсліваюць патрыятызм і працавітасць грамадзян, брацкія адносіны паміж прадстаўнікамі ўсіх нацыянальнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі краіны.